ЛЮ́БАНСКАЕ РАДО́ВІШЧА ГАРУ́ЧЫХ СЛА́НЦАЎ У Любанскім р-не Мінскай вобл. і Глускім р-не Магілёўскай вобл. Пластавы паклад залягае ў тоўшчы глініста-мергельных адкладаў фаменскага яруса (верхні дэвон). Гаручыя сланцы карычнявата-шэрага колеру, моцныя, з вуглавата-ступеньчатым і паўракавістым зломам, з шаўкавістым бляскам. Характэрна гарызантальная, мікралінзападобная і тонкапалосая слаістасць. Магутнасць пласта 0,5—1,65 м, глыб. залягання 260—641 м. Сярэдняя цеплыня згарання 5—9,1 МДж/кг, попельнасць 71,8%. На пл. 630 км2 запасы гаручых сланцаў каля 900 млн. т. Гаручыя сланцы прыдатныя як комплексная энерга-хіміка-тэхнал. сыравіна з выкарыстаннем попелу ў якасці буд. матэрыялу.